Вечер памяти Владимира Мулявина 21.01.2026

Вечер памяти Владимира Мулявина

З юбілеем, Пясняр! У бібліятэцы адзначылі 85-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна

21 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся вечар памяці Уладзіміра Мулявіна “Малілася сэрца і голас маліўся”, які стаў не толькі сапраўдным святам для наведвальнікаў і чытачоў, але і без перабольшвання значнай, незабыўнай падзеяй у гісторыі галоўнай кніжніцы краіны.

Кожны год 12 студзеня – абсалютна незвычайная дата на календары, асаблівы, светлы дзень для мільёнаў прыхільнікаў творчасці легендарнага ансамбля “Песняры” – Дзень нараджэння Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна (19412003). Сёлета выбітнаму музыканту і кампазітару споўнілася б 85. Юбілейны год Маэстра толькі распачаўся, але ў яго гонар ужо былі прэзентаваны новыя ініцыятывы: двойчы з вялікім аншлагам прайшоў традыцыйны канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, на тэлебачанні адбылася прэм’ера дакументальнага фільма “Мой тата – Мулявін”, увазе гледачоў быў прадстаўлены чарговы выпуск вядомай праграмы “Легенды эстрады”, гэтым разам прысвечаны Уладзіміру Георгіевічу… Наперадзе цэлы “мулявінскі” год, які падорыць слухачам яшчэ нямала сустрэч і цёплых успамінаў.

1_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg
Кніжна-ілюстрацыйная выстаўка з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка як адна з захавальніц аўтарытэтных крыніц пра ансамбль “Песняры” ўжо не ўпершыню з вялікім энтузіязмам далучаецца да памятных падзей, звязаных з гісторыяй гурта. Вечар памяці Уладзіміра Мулявіна, які стаў адным з найбольш маштабных імпрэз, ініцыяваных кніжніцай у гонар Песняра, у чарговы раз пацвердзіў аксіёму: дзе Мулявін – там заўсёды аншлаг! Мерапрыемства аб’яднала вялікую колькасць слухачоў ад сталых прыхільнікаў, што выраслі на песнях ансамбля, да юных меламанаў, якія толькі адкрываюць для сябе свет музыкі “Песняроў”.

2_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Распачала святочную імпрэзу яскравае выступленне вакальнага дуэта брата і сястры, вучняў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 13 г. Мінска Варвары і Арсенія Сабалеўскіх (клас педагога Вікторыі Каблуковай), якія выканалі “Добрую песню” – твор-прысвячэнне Уладзіміру Мулявіну, напісаны кампазітарам, дырэктарам школы Алесяй Нікалаевай.

3_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Зладжаны дуэт юных выканаўцаў, якія ўпрыгожваюць шматлікія мерапрыемствы Нацыянальнай бібліятэкі, з першых нот даў зразумець публіцы, што на сцэне сапраўдныя, перспектыўныя артысты.

4_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

З прывітальнымі словамі да гледачоў звярнуўся намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Бабук, які яшчэ раз падкрэсліў, што “Песняры” вывелі беларускую народную песню спачатку на нацыянальны, а пасля і на сусветны ўзровень, а таксама ўспомніў пра ўласнае знаёмства з музыкай ансамбля.

5_Viechar_pamiaci_Muliavina.JPG

Пасля ўрачыстага адкрыцця і прывітальных слоў вечар памяці Песняра ўступіў у свае правы. У ролі вядучай выступіла лектар-музыказнавец Беларускай дзяржаўнай філармоніі, аўтарытэтная даследчыца, аўтар кніг пра ансамбль “Песняры”, арганізатар шэрагу канцэртаў у гонар Уладзіміра Мулявіна, уладальніца медаля Францыска Скарыны Вольга Брылон. Вялікі прафесіянал, знаўца гісторыі беларускай эстрады, чалавек, які меў шчасце браць інтэрв’ю ва Уладзіміра Георгіевіча, а цяпер сябруе з сям’ёй Песняра, Вольга Герцаўна на працягу вечара дзялілася глыбокімі ведамі, акцэнтавала ўвагу на важных момантах, свабодна і лёгка, артыстычна і харызматычна, крок за крокам, быццам музычны твор, выбудоўвала ўсю драматургію імпрэзы.

6_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Вечар памяці Уладзіміра Мулявіна аб’яднаў спецыялістаў розных сфер: музыказнаўцаў, журналістаў, педагогаў і кіраўнікоў музычных школ, мастакоў і мастацтвазнаўцаў, музейных работнікаў, бібліятэкараў і архівістаў. Так, у мерапрыемстве ўзяў удзел дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Андрэй Ганчар. Андрэй Мікалаевіч адзначыў, што ў фондах установы захоўваюцца сотні канцэртных запісаў ансамбля “Песняры”, фотаздымкаў, дакументальных і тэлевізійных фільмаў.

Акурат падчас вечара быў прадстаўлены адзін з фрагментаў фільма “В земле наши корни”, зняты рэжысёрам Дзмітрыем Міхлеевым у 1975 г. на аснове фальклорных экспедыцый Уладзіміра Мулявіна і Ігара Лучанка ў Жыткавіцкі раён. На вядомых, хрэстаматыйных кадрах строгі Уладзімір Мулявін з настойлівасцю патрабуе ад Леаніда Барткевіча таго самага народнага гучання “плача, рыдания, диалога”, закладзенага ў песні “А ў полі бяроза”.

7_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg
Фота Андрэя Сіняўскага з сайта “БЕЛТА”

Супрацоўніцтва архіваў і музеяў з Нацыянальнай бібліятэкай дало добры плён: каштоўныя фота і кінадакументы, выявы асабістых рэчаў Уладзіміра Мулявіна, рэпертуарны пашпарт “Песняроў”, афішы, праграмы ранніх канцэртаў пачатку 1970-х гг., эскізы сцэнічных касцюмаў работы мастакоў Валянціны Бартлавай і Галіны Маркавец (Крываблоцкай), Юрыя Піскуна, Іны Булгакавай і інш. цяпер можна пабачыць у адкрытым доступе ў межах віртуальнага праекта “«Песняры»: малітва галасоў і сэрцаў”.

8_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Створаны ў 2024 г. да 55-годдзя ансамбля, рэсурс быў актуалізаваны да юбілею Уладзіміра Мулявіна і дапоўнены матэрыяламі з фондаў новых партнёраў: Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь). Пра магчымасці і новыя старонкі праекта распавяла галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Юлія Амосава.

9_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Адным з падарункаў для гасцей вечара стала экспазіцыя Мінскага гадзіннікавага завода “Луч”, які спецыяльна да юбілею Песняра выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў “Асоба. Уладзімір Мулявін”. Вядомая серыя “Асоба” прысвечана выбітным людзям Беларусі, якія пакінулі незабыўны след у гісторыі, мастацтве, літаратуры.

10_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Пра новую калекцыю “мулявінскіх” гадзіннікаў паведаміла прысутным начальнік упраўлення маркетынгу і знешніх сувязей Мінскага гадзіннікавана завода “Луч” Вольга Анцішына. Яна запрасіла прысутных наведаць Музей гадзіннікавай справы Беларусі, дзе зараз праходзіць унікальная выстаўка асабістых рэчаў Уладзіміра Мулявіна, дадзеных для экспанавання яго роднымі.

11_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Сярод ганаровых гасцей і выступоўцаў вечара асаблівае месца занялі таленавітыя людзі, якія ў розныя гады сустракаліся, супрацоўнічалі з Уладзімірам Мулявіным, былі сведкамі яго творчых пошукаў і знаходак. Адной з такіх асоб стала заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”, лаўрэат “Залатого пяра” Славянскага базара Людміла Крушынская. Людміла Аляксееўна з’яўляецца аўтарам шэрагу газетных публікацый пра Песняра, а таксама вядомых кніг “Владимир Мулявин. Нота судьбы” (2004), “Владимир Мулявин. «Сэрцам і думамі…»” (2015), якія захоўваюцца ў фондах бібліятэк, у калекцыях многіх прыхільнікаў Маэстра. Выступоўца падзялілася з прысутнымі асаблівасцямі збору матэрыялаў для выданняў, пад вокладкамі якіх аб’яднаны каштоўныя ўспаміны мноства людзей, што некалі супрацоўнічалі з Уладзімірам Георгіевічам. Людміла Аляксееўна распавяла і пра свае ўласныя сустрэчы з Песняром, агучыўшы гасцям некаторыя памятныя эпізоды, моманты, імгненні.

12_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Працягнуў размову пра Уладзіміра Мулявіна не менш таленавіты і вядомы чалавек – фотамастак, сябра Беларускага саюза фатографаў, Беларускага саюза дызайнераў, кіраўнік уласнай фотастудыі, аўтар цэлай панарамы дакументальных і мастацкіх здымкаў ансамбля “Песняры” Міхаіл Маруга.

13_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

З 1976 г. ён пачаў плённа супрацоўнічаць з гуртом, аб’ездзіў з музыкантамі вялікую колькасць канцэртаў, з нязменным фотаапаратам суправаджаў іх на гастролях і рэпетыцыях. “Песняры” нават жартавалі, што Маруга – сапраўдны ўдзельнік ансамбля. На вечары памяці Уладзіміра Мулявіна ў бібліятэцы Міхаіл Міхайлавіч выступіў не толькі ў ролі госця, але і аднаго з арганізатараў творчай імпрэзы, прадставіўшы ўнікальную фотавыстаўку, куды ўвашла частка дакументальных фатаграфій ансамбля. Аўтарская экспазіцыя стала цудоўным падарункам чытачам і наведвальнікам галоўнай кніжніцы да Дня нараджэння Песняра.

14_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Больш за гэта, культавае фота Уладзіміра Мулявіна аўтарства Міхаіла Маругі надзвычай удала ўпрыгожыла афішу і рэкламныя матэрыялы вечара “Малілася сэрца і голас маліўся”, а сам Міхаіл Міхайлавіч высока ацаніў работу дызайнера бібліятэкі.

15_Viechar_pamiaci_Muliavina.JPG

Прыемна, што ў імпрэзе ўзялі ўдзел маладыя таленты, пераможцы конкурсаў, выканаўцы спадчыны ансамбля. Адным з музычных падарункаў публіцы стала выступленне ўжо знаёмага многім спевака, саліста вакальна-інструментальнага ансамбля “Дынастыя” Цэнтра культурна-выхаваўчай работы ДВП Міністэрства ўнутраных спраў, прызёра і лаўрэата вакальных конкурсаў Мацвея Равуцкага, які выканаў любімыя мільёнамі слухачоў песні з рэпертуару легендарных “Песняроў”: “Княжну” (муз. і сл. В. Шарапава) і “Волагду” (муз. Б. Макравусава, сл. М. Матусоўскага).

16_Viechar_pamiaci_Muliavina.JPG

Ужо другі год “песняроўскія” мерапрыемствы Нацыянальнай бібліятэкі з вялікай радасцю падтрымліваюць педагогі і вучні Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 імя М.І. Аладава г. Мінска, якія за гэты час сталі сапраўднымі сябрамі кніжніцы. Школа з’яўляецца адной з лепшых у сталіцы і выхоўвае прафесіяналаў высокага класа, якія паспяхова працягваюць навучанне ў прэстыжных музычных навучальных установах Беларусі і іншых краін, упрыгожваюць аркестры і ансамблі, оперную і філарманічную сцэну. Канцэртная частка вечара працягнулася выступленнем юнага віяланчэліста, вучня аладаўскай школы Максіма Траццяка-Ціхановіча (клас Марыны Мызнікавай). У беражлівым гукавым абрамленні бліскучага канцэртмайстра Андрэя Ярашэнкі таленавіты і шматабяцальны музыкант прынікнёна і тонка выканаў “Элегію” Уладзіміра Солтана, прысвечаную памяці Песняра, вялікага сына Беларусі.

17_Viechar_pamiaci_Muliavina.JPG

Пасля перад гледачамі выступіла ўжо вядомая па мінулым творчым вечары выбітная акардыяністка, выпускніца Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 імя М.І. Аладава г. Мінска (клас Жанны Шаптуновай), навучэнка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Сабрына Багмет. З вялікім артыстызмам і філігранным тэхнічным майстэрствам дзяўчына выканала эстрадную мініяцюру на тэму беларускай народнай песні “Ох, і сеяла Ульяніца лянок” кампазітара Паўла Дзенісенкі. Як заўважыла вядучая Вольга Брылон, перад канцэртам Сабрына ні на хвіліну не выпускала інструмент з рук і, як некалі і Уладзімір Мулявін, з захапленнем і ўпартасцю працягвала дабівацца ідэальнага гучання.

18_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Заканамерна, што пасля сваіх яскравых выхаванцаў, праграму вечара працягнуў таленавіты музыкант, кампазітар і дырыжор, выбітны настаўнік і дырэктар аладаўскай школы Аляксандр Церахаў. Сапраўдны энтузіяст сваёй справы, тонкі і чулы педагог, ён сабраў у навучальнай установе калектыў выдатных калег, стварыў у школе сімфанічны аркестр (!), музей Уладзіміра Мулявіна і ансамбля “Песняры”. Аляксандр Пятровіч падзяліўся з гледачамі сваёй унікальнай гісторыяй асабістага знаёмства з Уладзімірам Мулявіным, які без усялякіх пытанняў правёў студэнта музычнага вучылішча Аляксандра Церахава разам з сябрамі на рэпетыцыю “Песняроў”, а пасля і на канцэрт.

19_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Найвялікшай, эксклюзіўнай падзеяй вечара стала песня “Слуцкія ткачыхі” (муз. У. Мулявіна, сл. М. Багдановіча). На сцэну выйшаў яскравы квартэт у складзе саліста Аляксандра Церахава, эстраднага выканаўца, лаўрэата Міжнароднага конкурсу выканальніцкага майстэрства Аляксандра Мурашкі і двух мулявінскіх “Песняроў” – гітарыста, аранжыроўшчыка, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ткачэнкі і сузаснавальніка ансамбля, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіслава Місевіча,які, як і шмат гадоў таму, па-майстэрску выканаў партыю флейты ў “Слуцкіх ткачыхах”. Выбітная песня Уладзіміра Мулявіна ўпершыню прагучала ў такім ансамблевым складзе музыкантаў, якія падрыхтавалі гэты незабыўны падарунак спецыяльна для вечара памяці Уладзіміра Мулявіна ў Нацыянальнай бібліятэцы.

20_Viechar_pamiaci_Muliavina.JPG

Ажно двума нумарамі парадаваў публіку Уладзіслаў Місевіч, які глыбока і пранізліва выканаў песню “Міша Камінскі” (муз. У. Мулявіна, сл. Э. Агняцвет) – твор з праграмы “Праз усю вайну”, наймацнейшай у спадчыне ансамбля. Гэта музычнае палатно, шчымліва, неверагодна кранальна і трапятліва выкананае Уладзіславам Людвігавічам, надзвычай уразіла слухачоў і кранула кожнага. А пасля сузаснавальнік “Песняроў” праспяваў любімы многімі хіт “Скрыпяць мае лапці” (муз. і сл. народныя), да выканання якога актыўна далучыліся гледачы. Выступленне Уладзіслава Місевіча на вечары ў бібліятэцы стала незабыўнай падзеяй і святам для чытачоў і супрацоўнікаў “алмаза”, якія дзякавалі артысту доўгімі авацыямі.

21_Viechar_pamiaci_Muliavina.JPG

Напрыканцы вечара з цёплымі і кранальнымі словамі выступілі родныя Уладзіміра Георгіевіча –яго дочкі Марына і Вольга Мулявіны. Яны нагадалі, што для іх ён быў найперш любімы тата, родны і блізкі чалавек, з якім пілі на кухні гарбату, раіліся, абмяркоўвалі бягучыя пытанні. Марына і Вольга адзначылі, як важна, што сёння багацейшая спадчына Уладзіміра Мулявіна па-ранейшаму гучыць, выклікаючы цікавасць і ў моладзі, бо мае свой працяг у новых стылях, напрыклад, у тэхна-музыцы, сапраўднай зоркай якой з’яўляецца ўнук Песняра Улад Кульбіцкі, сын Вольгі Мулявінай. Са шчырымі словамі выступіла і нявестка Марыны Мулявінай Ганна Мулявіна, якая нядаўна ўзначаліла музей музыканта ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ўжо прапанавала новыя ідэі для мадэрнізацыі экспазіцыі.

22_Viechar_pamiaci_Muliavina.JPG
Ганна, Вольга і Марына Мулявіны

Дзень нараджэння Песняра не абышоўся без каштоўных падарункаў. З рук Марыны Мулявінай, старэйшай дачкі Маэстра, Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала выдадзены ўпершыню ўнікальны нотны зборнік з праграмай “Через всю войну” ў пералажэнні для голаса з фартэпіяна, якое зрабіў Уладзімір Ткачэнка.

23_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Як слушна адзначыла Марына Уладзіміраўна, спадчына Песняра яшчэ чакае свайго часу, бо некаторыя творы і сёння застаюцца малавядомымі і нерастыражыраванымі, а іх выхад са скрыняў стала і публікацыя ў шырокай прасторы яшчэ наперадзе. Слова ўзяў і аўтарытэтны чалавек у свеце музычных выдавецкіх праектаў, дырэктар выдавецтва “Ковчег” Уладзімір Кузьмін, без падтрымкі і ўдзелу якога многія кніжныя, нотныя і аўдыявыданні ансамбля не пабачылі б свет.

24_Viechar_pamiaci_Muliavina.jpg

Фінал канцэртнай праграмы стаў увогуле фенаменальным! Выбітны гітарны дуэт Уладзіміра Ткачэнкі і Аляксандра Мурашкі проста ашаламляльна выканаў папуры на тэмы песень ансамбля “Песняры”. У ювелірнай аранжыроўцы Уладзіміра Мікалаевіча публіка пазнавала любімыя песні “Ой, рана на Івана”, “А ў полі вярба”, “Добры вечар, дзяўчыначка”, “Рушнікі”, “Александрыну”, “Вераніку”… Аднак і гэта было яшчэ не ўсё: спецыяльна для вечара артысты падрыхтавалі музычны сюрпрыз, выканаўшы “Калядачкі” пад гучныя авацыі.

25_Viechar_pamiaci_Muliavina.JPG

Геній Уладзіміра Мулявіна ў чарговы раз аб’яднаў людзей: шчаслівыя твары, бляск у вачах, яскравыя эмоцыі, працяглыя апладысменты, шчырыя ўсмешкі сказалі ўсё без слоў… Склалася ўражанне, быццам бы сам Уладзімір Георгіевіч нябачна прысутнічаў сярод гледачоў, даючы натхненне музыкантам, ахінаючы святлом свайго таленту, каб кожнаму па-сапраўднаму “стало теплей от его тепла”.

Полностью текст и фото на сайте Национальной Библиотеки Беларуси

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *